Філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”

У 1989 годзе недалёка ад былога фальварка, дзе калісьці жыла маці Янкі Купалы, заснаваны філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”. Для музея была спецыяльна пабудавана хата ў стылі пачатку ХХ стагоддзя, характэрным для гэтай мясцовасці.
Телефон:+375 1774 32254

 Экспазіцыя музея сустрэла першых наведвальнікаў у 1992 годзе. Складаецца яна з дзвюх частак: мемарыяльнай (на месцы колішняга фальварка Акопы) і літаратурна-дакументальнай, якая размешчана ў драўлянай хаце ў вёсцы Харужынцы Лагойскага раёна.

У 2019 годзе была створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Кропкі моцы” з інтэрактыўнымі зонамі, якія  аднолькава зацікавяць і дарослых, і дзяцей. Матэрыялы экспазіцыі распавядаюць пра самы плённы перыяд ў творчасці Янкі Купалы.  

Каля музея вас сустрэне кампазіцыя “Малады Купала” скульптараў Андрэя Заспіцкага і Генадзя Мурамцава. Калі пайсці ў бок вёскі Карпілаўкі, то недалёка ў лесе ёсць камень-валун, ля якога любіў адпачываць пясняр і пісаць вершы (на ім устаноўлена мемарыяльная дошка). Наваколле Акопаў зачаруе вас непаўторнымі краявідамі. Векавыя дубы памятаюць Янку Купалу, яго рукамі былі пасаджаны лістоўніцы, якія захаваліся да нашых дзён.

 Амаль 35 гадоў жыцця паэта былі звязаны з многімі вескамі і хутарамі на Лагойшчыне. Сям’я Дамініка Луцэвіча (бацькі Янкі Купалы) пераехала на Лагойскую зямлю ў 1887 годзе і пачала жыць ў вёсцы Косіна. Пасля былі Прудзішчы, а потым Селішча (1895-1904), дзе з’явіўся першы верш на роднай мове “Мая доля”. Адсюль Купала паехаў вучыцца ў Бяларучы. Завітваў на хутар Мачаны, дзе жылі родзічы. Казіміраўка, Карпілаўка, Жукаўка, Міхалішкі і іншыя вёскі і хутары таксама звязаны з біяграфіяй паэта.

Хутар Акопы маці Янкі Купалы Бянігна Іванаўна Луцэвіч арандавала з восені 1909 года ў памешчыцы Жалігоўскай, а пасля рэвалюцыі стала яго ўладальніцай і жыла там да 1926 года, пакуль не пераехала да сына ў Мінск.  Паэт любіў прыязджаць ў Акопы, дзе чэрпаў натхненне і ствараў  паэтычныя шэдэўры, якія ўвайшлі ў спіс сусветнай літаратурнай спадчыны. У іх ліку п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, паэмы “Магіла льва”, “Бандароўна”, “Яна і я” і інш.

Наведаць экспазіцыю музея можна з аўторка па нядзелю з 10-00 да 18-00.

Папярэдні запіс на экскурсію па тэлефоне +375 1774 32254

Фотогалерея: